Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/32

Гэта старонка не была вычытаная

— Колькі б ні шукалі, што карысць, калі ніякага жыта няма. — Ён выпрабоўваў на ўсялякі выпадак: а можа, як і падгледзела яна?

— Ёсць, — адказала яна.

— Дзе ж яно, калі ёсць? — злосна настаражыўся ён.

— У вазоўні закапана, а наверсе сані і колы стаяць.

Ён аслупянеў. Але тут жа пастараўся не падаць віду.

— Зараз павяду туды, хай глядзяць.

У яго яшчэ тлела рэштка думкі: а можа, яна не ведае, а так сабе, на маны сказала і ўгадала. Але чаму яна так гаворыць, што з ёю робіцца?

— Што тут шукаць, тут няма, — сказала яна.

Як быццам што сціскала ёй рот, — такое раптам стала ў яе адчуванне. Ёй ужо больш цяжка было выгаварыць і слова. «Зараз скажа», — думаў Скуратовіч.

— А дзе яно, збожжа? — з надзеяй павярнуўся да яе камісар.

Але пакуль ён гэта сказаў, Скуратовіч шапнуў ёй:

— Маўчы, я табе колькі пудоў жыта дам.

Ёй аж дыхаць стала цяжка ад хвалявання. Некалькі пудоў. Гэтулькі ніколі не было пад іхняй там, дома, страхою. Твар яе пабялеў, стукнула ў вушах. Яна маўчала, лепш бы яна не ішла сюды зусім, так ёй было цяжка ў гэты момант. Камісар пакінуў на яе глядзець і загадаў:

— Будзем капаць.

Адкінулі салому і пачалі капаць. Скуратовіч аж енчыў:

— Няма, няма, нідзе няма!

Зямля была цвёрдая. «Гэтак цяжка людзям, а бескарысная работа!» Яе пачала мучыць злосць на Скуратовічаву сям’ю: «Гады, жыву ў іх, як у пекле».

— Няма тут, — закрычала яна.

«Мусіць, тут, калі яна так крычыць, — падумаў камісар. — Будзем капаць да канца». Ён паспрабаваў яшчэ звярнуцца да яе сумлення.

— А ты маўчы, не гавары, памагай свайму гаспадару, — здзекаваўся ён з яе. — Ён табе аддзякуе.

— Я ж вам кажу, што не тут! — аж кінулася да яго Зося.

— А дзе ж?