Старонка:Drygva 1934.pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

тарыць аб сваіх справах ці проста каб правесці вольную хвіліну.

Дзеду Талашу кідаюцца ў вочы дзве чалавечыя постаці: адна - Васіль Бусыга і другая - сын пана Крулеўскага, таго самага пана, у бацькі якога служыў калісь дзед Талаш за пастуха. Малады Крулеўскі, адзет у вайсковую форму царскага афіцэра. Вось толькі шапак такіх не насілі царскія афіцэры: па шапцы яго можна прыняць за афіцэра чужога войска. У галаве дзеда Талаша прамільгнула некалькі думак: адкуль з'явіўся гэты фацэт? На некаторы час ён быў дзець знік - не відаць было яго. А шапка яго сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Васіль Бусыга быў кандыдат у валасныя старшыні, але рэволюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Па іх тварах бачыць дзед Талаш, што яны дужа задаволены паваротам справы. Дзеду Талашу хочацца ведаць аб чым гавораць з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Дзед Талаш прыпыняе тэмп свае хады, прымае від чалавека ў глыбокай задумлёнасці, апускае ўніз вочы і павольна ідзе сваёю дарогаю і слухае аб чым гаворыць пан Крулеўскі з Васілём Бусыгам. Да дзедавых вушэй далятаюць асобныя словы і часці сказаў, але і па іх можна дагадацца аб чым ідзе гутарка.

- Барбары, пся крэў!

- Да ўжо такія абармоты!.. Парадак можа будзе.