Старонка:Drygva 1934.pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

- Бяры яго! Вяжы праклятага азіята! - першым апамятаваўся жалнер з саней і саскочыў на дол. Накінуліся жалнеры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуў сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жалнеры паадлягалі ад яго, як шчэпкі. А адзін паляцеў потырч носам у снег.

- О, шатан стары! - прамовіў толькі ён, падымаючы сваю канфедэратку. Не чакаючы новага напада і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Цяпер толькі ўспомнілі палякі, што яны жалнеры, што ў іх ёсць наганы. Выпалілі некалькі разоў у той бок, дзе знік дзед Талаш.

Пачаў збягацца народ. Першымі дабеглі Васіль Бусыга і пан Крулеўскі.

- Вар'ят, вар'ят! - спачуваў палякам Бусыга.

- Большэвік! - заключыў пан Крулеўскі.

Забралі палякі дзедаў стажок, а рэшту сена прымусілі Максіма павезці на сваёй хурманцы.

III

"Ваякі, трасца вашай галаве!" - сказаў сам сабе дзед Талаш, калі заціхлі стрэлы, а кулі прасвісталі па баках і над галавою, ляснуўшы сухім трэскам па галінах кустоў і па камнях. У дзедавых вачах яшчэ стаяла, як жывая, сцэна яго стычкі з польскімі жалнерамі і асабліва той момант, калі на яго наваліліся жалнеры, а ён паразмятаў іх, як вецер