Старонка:Dunin-Marcinkievic.Hapon.djvu/12

Гэта старонка была вычытаная

Падпёршыся кулаком,
Ясны маршалак[1] сядзіць;
Ён, маўляў, рабін у школе
Ці як хвурман у стадоле,
Важна так на ўсіх глядзіць.

Направа пан вельмі строгі,
Вусы, як у быка рогі,
Вот так старчмою стаяць;
Воласы яго сівенькі,
Мундзір на нём галубенькі,
На грудзях крыжы блішчаць.

А за ім якісь пузаты,
Быццам мядзведзь, так касматы,
Гэта дохтар мае быць;
Рукі за сабой трымае,
Пальцамі перабірае
Дый часта ў карман глядзіць.

З левай стараны маршалка,
Тоненькі, просты, як палка,
На розум, відна, хіцёр!
Ён спадлоб’я паглядзець,
У руцэ пяро трымаець;
Кажуць, гэта пракурор.

На канцы якісь вайсковы,
Смаглы[2], відны і здаровы,
Прыгожанькі кавалер!
Часта ён на стойку вокам
Меціць у раздум’і глыбокам;
То прыемны ахвіцэр.

Вот з крэсла маршал схваціўся,
Ўсім у пояс пакланіўся,
Табакеркай заскрыпеў;
Далі крыкнуў да дазорцы:
«Няхай начнуць аднадворцы!» —
Дый зноў на места прысеў.

Тут ля бакавой раздаўся
Святліцы жалабны стон,
І найпершы паказаўся
Наш знаёмы аканом.

Як прыйшла шляхце трывога,
Штоб бумагі ўсяк складаў.
Коман, з дапушчэння Бога,
У аднадворцы папаў.
І вот, маўляў, не ўрокам
Кажучы, пагана чэсць!
Трэба ж, бытта бы нарокам,
Навочарадзь яму ўлезць.

  1. Маршалак — прадвадзіцель дваранства.
  2. Смаглы — смуглявы.