Як вала вядуць на бойку,
Так аконама пад стойку;
Ён жа не пацягне і ног,
Да скорчыўся ў клубочак,
З дохтара не зводзіць вочак,
А так стогне, што крый бог!
Дохтар важна прыступае
І некрута аглядае.
Зубы, ногі, бакі, стан;
Патуль каля яго тупаў,
Пакуль кругом не ашчупаў.
Вот, маўляў, каня цыган.
Відна, з сабой яны зналісь,
Пярвей, відна, паўстрачалісь:
Дохтар, баш, ганьбу найшоў.
Кажа, ў службу не гадзіцца,
Яму трэба палячыцца,
Да і меры не дайшоў.
А некрут: "Мае паночкі,
Вы, ясныя сакалочкі!
Гдзе тут хвораму служыць?
Вот так коле мне ў грудзі,
Што сухоты, кажуць людзі,
І баку вельмі баліць".
Кабы варам абліў плечы,
Як пачуў гэтакі рэчы
Наш малады ахвіцэр;
Ён з места свайго самкнуўся,
Пры некруце апынуўся,
Глядзіць, быццам ліхі звер,
Пад стойкай яго прастуе,
Струной цягне дый мацуе,
А ў бораду кулаком
Як парадкам яму суне,
Глядзі! вот саўсім ачуне
Наш няшчасны аканом.
"Нашто людзей, кажа, зводзіць?
Ён меру нават праходзіць,
Я бяру на свой атвет;
Яка тут к чорту хвароба?
Здаць! - а пасля будзе проба,
Возьмем яго ў лазарэт".
Доктар кішэню пачухаў,
Маршал табакі панухаў,
Некрут жаласна запеў;
Сударга на аканома
Напала; пазнаў Гапона -
Дый са страху абамлеў.
Старонка:Dunin-Marcinkievic.Hapon.djvu/13
Гэта старонка не была вычытаная