Старонка:Dunin-Marcinkievic.Hapon.djvu/4

Гэта старонка была вычытаная

«Ой, Божа мой, Божа!
Нашто я радзіўся?
Састарыўся, як сабака,
Дасюль не жаніўся».

Перастаў. Гапка спляснула
Дый тоненька зацягнула:
«На вуліцы курта[1] брэша,
А да мяне мілы чэша,
А ці чэша, ці не чэша,
Да нядарам курта брэша!»

Вот так пляшуць, прыпяваюць,
Хохат, лопат, крык і зык,
Аж пад строп[2] пыл падмятаюць,
А як рэзаў — рэжа смык!

Аж тут скрып!.. дзверы суздром[3]
Расчыніліся… трывога!
Бо з войтам[4] сам аканом[5]
Як тут — знайшліся ў парога.

Уся ахвота прыўстала,
На ўсіх страхатня напала:
Ананя ж — як уцяў!
Пахінуўся напярод.
Па ўсіх струнах запішчаў, —
Так кончыўся карагод.

І Гапону не да танца,
Як аконама, паганца,
Ён угледзеў, так прыстаў,
На ўсё горла закрычаў:

«Ой, будзе ж нам цёпленька, браткі!
Хто малады, уцякай з хаткі!
Нядарам сталі шаптаць,
Што некрутаў[6] будуць браць
Пабірай іх ліхі бес!
Хто дуж, уцякайма ў лес!»

Тут настала суматня,
Ўсяк бяжыць, маўляў з агня,
Адзін дзверы выпірае,
Другі ціснецца пад стол,
Той цераз акно сігае,
А Гапон хваціў за кол
Дый, спіной стаўшы ў куце,
Як мятлой, усіх мяце.

  1. Курта — караткахвосты сабака.
  2. Строп — столь.
  3. Суздром — разам.
  4. Войт (уст.) — сельскі стараста.
  5. Аканом — кіраўнік гаспадаркі ў маёнтку.
  6. Некрутаў — рэкрутаў.