Здзекуешся тут над намі;
Сцеражыся ж... ты, сабака!
Помні, што і мы з зубамі!".
Коман, як ту рэч сумеў,
Да стадолы пабяжаў,
Гапон кончыць не паспеў,
Так з карчмы ён цягу даў.
Крый Госпадзь! як ён злякаўся,
Ледзь дахаты змог прыбыць.
Да на ўсіх святых закляўся
Гапона навек згубіць.
Вечарком раз ў двор ідзе,
Яснай пані б'е чалом:
Быццам верны аканом,
Ён такі ляпорт[1] вядзе:
"Кепска, пані, ў нас чуваць,
Уся воласць у трывозе,
Не адзін будзе ў астрозе;
Хлопцы сталі бунтаваць".
"Хрысце, пане найласкаўшы! -
Крыкнула пані, прыўстаўшы:
- А то чыста кара неба!
Бедны люд ратоваць трэба!"
Коман затылак пачэша
Дый так далей пані брэша:
"Гапона трэба ўняць:
Нівесь, як ён там пранюхаў
Ці ў дварэ, можа, падслухаў,
Што некрутаў будуць браць.
Ён усіх хлапцоў сазваў
Дай так, баш, ім расказаў:
"Бяду, браткі, мы наждалі,
Некрутаў здаваць казалі:
Чаго тут добрагад ждаць?
Трэба у лес уцякаюць,
А не - усе сабяромся,
Хто з калом, хто з абухом,
І за нішто не дадзёмся,
Хоць там трэсні аканом".
Гэтакі, баш, мой савет,
Іной, пані, рады нет:
Трэба Гапона паймаць
Дый першага яго здаць;
Тагды ўсе пабаяцца,
Перастануць бунтавацца".
Пані рукі заламала,
Са страху на ўсё прыстала
Так Гапон наш скончыў танец.
Ён надзеў казённы ранец
І пайшоў цару служыць.
- ↑ Ляпорт - рапарт.