Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/17

Гэта старонка была вычытаная

Ян. А дзяўчаты, пане, чыстыя каты: падсядзь да якой, то табе зараз без цырымоніі вочы гатова выдрапаць.

Кароль. Праўду кажаш. Няма нідзе, як у Францыі!.. Там кожная хоць бы найпрасцейшая сялянка далёка асвячнейшая за тутэйшую паненку. О Францыя! Францыя!

Спеў

№ 8

Францыя! Край мой ядыны!
Добрай ты славай багата.
Маеш узнёслых шмат чынаў,
Найбольш прыгожых дзяўчатаў.
Бачачы іхнюю ўроду,
Творы шаную прыроды.
З мілым французскім дзе тварам
Калі сустрэнеш дзяўчыну,
Вочкі гараць яе жарам,
Поглядам паляць без спыну.
Гэткая постаць, здаецца,
Звабіла б тыграва сэрца.
Хай яе вабныя красы
Толькі ўпадуць табе ў вока,
Зараз жа ў сэрца без часу
Воблік уесца глыбока.
Французска дзеўчына тая
Душу тваю захапляе.
Днём тваю думку жывую
Вабіць прынаднай красою,
А як заснеш — сон малюле
Усё хараство незбытое.
Будзіць смагню без патолі,
Ах! каб мець грошы найболей!

(Кажа.) О так! хацеў бы яшчэ хоць ува сне папесціць свае пачуцці тымі цудоўнымі вобразамі надсэкванскіх прыгажунь!