Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/30

Старонка праверана

——— 31 ———


У краінах, у якіх здабываецца каменны вугаль, звычайна гуртуецца і фабрычная прамысловасьць, асабліва фабрычная апрацоўка валакняных продуктаў і выраб крамніны. Побач з капальнямі жалезнай руды таксама заўсёды існуюць гуты й гісэрні, у якіх перапальваюць і ператапляюць руду з вугалем і вырабляюць чыгун, сталь (акаліну) і жалеза. Там-жа звычайна будуюцца й фабрыкі жалезных вырабаў.

Гарады, мястэчкі й фабрычныя пасёлкі чаргуюцца паміж сабой у такіх мясцовасьцях. Лес комінаў, тысячы хатак, счарнелых ад дыму, тоўпы працоўнага люду з чорнымі ад сажы тварамі адзначаюць такія старонкі. Гукі фабрычных гудкоў, клум і скрыгатаньне машын, сьвісткі, лясканьне, гоман, грукат бязупынна напаўняе паветра.

У апошнія часы замест апалу, каб прывесьці ў чыннасьць фабрыкі, пачалі карыстацца сілай падаючай вады, або гэтак званым «белым вугалем». З дапамогай буйных электрычных станцый, сіла вадаспадаў перадаецца па дроце на гуты й фабрыкі. Такім чынам, багатыя горнымі рэчкамі мясцовасьці ў Альпах і ў Скандынавіі пачалі пашыраць у сябе прамысловасьць, ня гледзячы на недахват каменнага вугалю.

Проэкт, так званай, электрыфікацыі С. С. С. Р. або пераходу ад карыстаньня парай да карыстаньня электрычнасьцю на фабрыках і гутах, грунтуецца ў значнай меры на магчымасьці скарыстаць сілу падаючай вады. Зьдзейсьніўшы гэты проэкт, можна ў некалькі разоў павялічыць прамысловае значэньне Ўсходняй Эўропы.

Часамі буйная фабрычная прамысловасьць утвараецца далёка ад вугальных капальняў, але ў такіх мясцовасьцях, дзе ёсьць вялізныя запасы патрэбнай для данай галіны прамысловасьці сырыны. Тады можа стацца выгодным задавальняць фабрыкі прывозным здалёку апалам.

Так, напрыклад, у Паўночнай Італіі або ў Паўднёвай Францыі, дзе добра ўзрастае морва (шаўкоўніца) і плодзіцца шаўкоўны вусень, надта пашырылася шоўкавая прамысловасьць. На Ўкраіне і ў Вугоршчыне, дзе на чорназемных грунтох добра растуць цукровыя буракі, пашырыўся выраб цукру ў цукроўнях. Аднак, агулам кажучы, запраўды прамысловым абшарам зьяўляецца толькі багатая карыснымі мінэраламі Паўночна-Заходняя Эўропа.

Усход нашае часткі сьвету лічыцца пераважна ральніцкім краем; поўдзень — садоўніцкім і вінаробскім. Недахват фабрычных вырабаў на ўсходзе часткай папаўняецца хатнімі й саматужнымі вырабамі. Ня маючы добрай сувязі з горадам, ня маючы спосабаў атрымаць фабрычныя вырабы з прамысловых краёў, вясковыя гаспадары ў вольны ад земляробскай працы час самі вырабляюць найболей патрэбныя рэчы хатняга ўжытку, або толькі для ўласных патрэб (хатняя прамысловасьць), або па заказе для суседзяў (рамёслы), або на продаж (саматужная прамысловасьць). Асабліва распаўсюджваецца саматужная прамысловасьць у Маскоўшчыне, на Ўкраіне, у Вугоршчыне, на Балканскім паўвостраве і наагул там, дзе