Старонка:Kryviec Siarhiej.Dubok.djvu/15

Гэта старонка была вычытаная


Чаму ж загналі нас ў тупік?
Чаму закрылі вокны, дзверы?
І што такое панскі шпік
Для рук ад плуга і сякеры?
Часіна злая, што й казаць,
У апошнім часе, трэ прызнацца,
Не можаш думак павязаць,
А ўжо на подзвіг — і не ўзняцца.
Мы чахнем, сохнем без пары,
І нашы горныя палёты,
Як камень, коцяцца з гары
Ў зыбун мяшчанскага балота.
Як быць? Завошта учапіцца?
І дзе падзеўся пункт апору?
Як можна з гібеллю мірыцца,
Чаму пра гэта не гаворым?..
Я згодзен з тым, што можна гінуць
3 спакойным сэрцам і сумленнем,
Калі ўдалося след пакінуць,
Засекчы ствол, зламаць галіну
На знак наступным пакаленням.
Туман і той расою сядзе,
Замкне ў прыродзе нейкі круг,
Найменша кропля ў вадападзе
І тая робіць нейкі рух.
А мы… а мы жывыя людзі!
Мы — фокус бачымых міроў,
У нас ёсць розум, ў нашых грудзях
Кіпіць збунтованая кроў,
Навошга ж мы тады марудзім?
Загінуць так, як тая свечка
Накрыта цёмным каўпаком,
На свет радзіцца батраком,
А кончыць подлым чалавечкам,—
Хай трахне гром такую долю!
Тады зусім не варта жыць.

14