Мы забылі, што можна любіць.
Мы кахання яшчэ баімося.
А тым часам скрадаецца восень
І снуе серабрыстую ніць.
Ды, як цень з-за далёкіх узгоркаў,
Замаячыць вячэрні сутунак,—
Ноч крадзецца з усмешкаю горкай
Свой халодны злажыць пацалунак.
Так падлічацца нашы заслугі,
Так адкрыецца наша сіроцтва.
Згасне сэрца, як спалены вугаль,
І мы ўспомнім сваё адзіноцтва.
Ды ўспаміны асеннім туманам
Завалочаць прабытыя далі.
Што ж ты, доля, так мала дала нам
Мы ж так многа ў няволі жадалі.
Але колькі б мы там ні пыталі,
Не сагрэем грудзей сваіх лёдам,—
Салавейкі ж ў гаю шчабяталі,
Шчабятаць яны будуць заўсёды.
Паняволі ўздыхнеш, аглянешся…
Эх, вазьму вось, здаецца, за краты
Ды…
І краты асталісь на месцы.
Што ж, заслаб. Ну, а слаб —
вінаваты.
Гродна, верасень 1930 г.
|