Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/103

Гэта старонка была вычытаная

Міт-Са — аднаго з яго ўласных багоў. Але тое, што ён зрабіў услед за гэтым, зусім не было абдуманым учынкам. Парыў шалёнай разлютаванасці прымусіў яго кінуцца ў самую сярэдзіну бойкі. і праз пяць хвілін хлапчукі разбегліся ў розныя бакі з поля бітвы, і многія з іх пакідалі на снезе крывавыя сляды, якія сведчылі аб тым, што зубы Белага Клыка не бяздзейнічалі. Калі Міт-Са расказаў пасёлку аб тым што здарылася, Шэры Бобр загадаў даць Беламу Клыку мяса. Ён загадаў даць яму многа мяса; і Белы Клык, насыціўшыся, лёг ля агню і заснуў, цвёрда ўпэўнены ў тым, што закон зразумеў ён правільна.

Услед за гэтым Белы Клык зразумеў закон уласнасці і тое, што ён павінен ахоўваць яе. Ад абароны цела бога да абароны яго маёмасці быў адзін крок, і Белы Клык гэты крок зрабіў. Тое, што належала богу, трэба было абараняць ад усяго свету, не спыняючыся нават перад нападам на іншых багоў. Але ўчынак гэты быў звязаны з вялікай небяспекай. Багі ўсемагутныя, і сабаку цяжка змагацца з імі; і ўсё-ж Белы Клык навучыўся адважна сустракаць іх. Пачуццё абавязку перамагала ў ім страх, і нарэшце зладзеяватыя багі зразумелі, што маёмасць шэрага Бабра лепш за ўсё пакінуць у спакоі.

У сувязі з гэтым Белы Клык хутка здагадаўся, што зладзеяватыя багі баязлівыя і, пачуўшы трывогу, зараз-жа ўцякаюць. Апрача таго, прамежак часу паміж узнятай трывогай і з'яўленнем шэрага Бабра быў звычайна вельмі кароткі. і ён зразумеў, што злодзей уцякае не таму, што баіцца яго, Белага Клыка, а таму, што баіцца Шэрага Бабра. У такіх выпадках Белы Клык не брахаў. Ды ён наогул ніколі не брахаў. Ён кідаўся на няпрошанага госця і, калі ўдавалася, упіваўся ў яго зубамі. Панурасць і нетаварыскасць зрабілі з Белага Клыка вельмі добрага вартаўніка гаспадарскай маёмасці, І Шэры Бобр усяляк заахвочваў яго ў гэтых адносінах. У выніку Белы Клык зрабіўся яшчэ больш злым, яшчэ больш неўціхамірным і канчаткова замкнуўся ў самым сабе.

Месяцы ішлі адзін за другім і ўсё больш і больш замацоўвалі дагавор паміж сабакам і чалавекам. Гэты дагавор яшчэ спрадвеку быў заключан першым ваўком, які прышоў з Лясной Глушы да чалавека. І падобна