Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/104

Гэта старонка была вычытаная

ўсім пакаленням ваўкоў і дзікіх сабак, Белы Клык сам выпрацаваў умовы гэтага догавара. Яны былі вельмі простыя. За пакланенне бажаству ён аддаў сваю волю. Ад бога Белы Клык атрымліваў зносіны з ім, апеку, ежу і цяпло. Узамен ён пільнаваў яго маёмасць, абараняў яго цела, працаваў на яго і пакараўся яму.

Белы Клык служыў свайму богу, пакараючыся абавязку і пачціваму страху, але ён не любіў яго. Ён не ведаў, што такое любоў. Ніколі не перажываў гэтага пачуцця. Кіч зрабілася далёкім успамінам. Апрача таго, аддаўшыся чалавеку, Белы Клык не толькі парваў з Лясной Глушшу і са сваімі суродзічамі, але ўключыў у дагавор умову, якая не дазваляла яму пакінуць бога і пайсці за Кіч нават у тым выпадку, калі-б ён сустрэў яе. Адданасць чалавеку стала законам для Белага Клыка, і закон гэты быў мацней любові да волі, мацней кроўных узаў.

Раздзел шосты

ГОЛАД

Вясна была ужо не за гарамі, калі Шэры Бобр скончыў сваё доўгае падарожжа. У адзін з красавіцкіх дзён Белы Клык, якому к гэтаму часу споўніўся год, зноў вярнуўся ў пасёлак. Міт-Са зняў з яго збрую. Хоць Белы Клык яшчэ не паспеў вырасці як належыць, але пасля Ліп-Ліпа ён быў самым буйным з аднагодкаў шчанюкоў. Атрымаўшы ў спадчыну целасклад і сілу ад бацькі — ваўка — і ад Кіч, ён амаль зраўняўся з дарослымі сабакамі, але ўступаў ім у моцнасці целаскладу. Цела ў яго было худое і зграбнае, і ў бойках ён браў хутчэй спрытнасцю, чым сілай. Скура ў Белага Клыка была шэрая, як у ваўка, і па выгляду ён здаваўся самым сапраўдным ваўком. Кроў сабакі, якая перайшла да яго ад Кіч, не пакінула слядоў на ім са знешняга выгляду, але характар Белага Клыка складваўся не без яе ўдзелу.

Белы Клык блукаў па пасёлку, з пачуццём спакойнага задавальнення пазнаючы багоў, знаёмых яму яшчэ да падарожжа. Сустракаў ён і шчанюкоў, падросшых цяпер таксама, як і ён, і дарослых сабак, якія зусім не былі такімі вялікімі і страшнымі, якімі яны асталіся ў яго памяці. Белы Клык амаль перастаў баяцца іх і пра-