абарот. Размахваючы путай, на дапамогу Беламу Клыку прыходзіў Міт-Са. І сабакі зразумелі нарэшце, што калі санкі спыняюцца па загаду Міт-Са, важака лепш не чапаць. Але калі Белы Клык спыняўся самавольна, значыць, можна было наляцець на яго і ўчыніць над ім расправу.
Пасля некалькіх такіх выпадкаў Белы Клык перастаў спыняцца без загаду. Такія ўрокі засвойваліся хутка. Ды Белы Клык і не мог не засвойваць іх, інакш ён не выжыў-бы ў той незвычайна суровай абстаноўцы, у якой праходзіла яго жыццё. Але сабакі не маглі навучыцца пакідаць яго ў спакоі на стаянках. Дзённая пагоня і брэх, у які сабакі ўкладвалі ўсю сваю непавагу да важака, прымушалі іх забываць урокі, атрыманыя папярэдняй ноччу; наступнай ноччу ўрок узнаўляўся, з тым каб зараз-жа выляцець у іх з галавы. Апрача таго, нянавісць сабак да Белага Клыка жывілася яшчэ адной немалаважнай акалічнасцю. Яны адчувалі ў ім іншую пароду, і гэтага было цалкам дастаткова для таго, каб адчуць да яго варожасць.
Таксама як і Белы Клык, усе яны былі прыручаныя ваўкі. Але за імі стаяла ўжо некалькі прыручаных пакаленняў. Многае, чым надзяляе ваўка Лясная Глуш, было ўжо страчана, і для сабак у ёй хаваліся невядомасць, жах, вечная пагроза і вечная варожасць. Але знадворны выгляд. Белага Клыка, усе яго ўчынкі і інстынкты казалі аб моцнай сувязі, якая існавала паміж ім і Лясной Глушшу. Ён быў сімвалам і ўвасабленнем яе. І таму, вышчараючы на яго зубы, сабакі тым самым ахоўвалі сябе ад пагібелі, якая таілася ў змроку лясоў і ў цемры, што з усіх бакоў абступала агні чалавека.
Але адзін урок сабакі завучылі цвёрда: трэба трымацца разам. Белы Клык быў надта страшны, і ніхто не адважваўся сустрэцца з ім адзін-на-адзін. Сабакі нападалі на яго ўсёй зграяй, інакш ён расправіўся-б з імі за адну ноч. А так Беламу Клыку не ўдалося загрызці ні аднаго сабаку. Ён звальваў праціўніка з ног, але зграя зараз-жа накідалася на Белага Клыка, не даючы яму пракусіць сабаку горла. Пры найменшым намёку на сварку ўся запрэжка дружна апалчалася на Белага Клыка. Сабакі заўсёды грызліся паміж сабой, але варта