Біл прабурчэў нешта, выказваўшы яго нязгоду з такім дыягназам, і змоўк.
Дзень прайшоў, як і ўсе папярэднія.
Рассвітала ў дзевяць гадзін. У дванаццаць гарызонт на поўдні паружавеў ад нябачнага ў гэтую пару года сонца, і настаў пахмурны дзень, які праз тры гадзіны павінна была паглынуць ноч.
Якраз у той момант, калі сонца зрабіла слабую спробу выглянуць з-за гарызонта, Біл дастаў з саней стрэльбу і сказаў Генры:
— Ты не спыняйся, Генры. Я пайду глянуць, што там робіцца.
— Трымаўся-б ты лепш каля саней, — параіў яму Генры. — У цябе-ж усяго тры патроны. Хто яго ведае, што можа здарыцца?..
— Ну, хто цяпер каркае? — урачыстым тонам запытаў той.
Генры змаўчаў і пайшоў далей адзін, увесь час трывожна азіраючыся ў пустынную імглу, у якой знік Біл.
Праз гадзіну Біл дагнаў сані.
— Яны разышліся ва ўсе бакі, і досыць далёка адзін ад аднаго, — сказаў ён, — але ад нас не адстаюць, хоць палююць за здабычай. Яны ўпэўнены, што мы не ўцячэм ад іх, толькі ведаюць, што прыдзецца пацярпець крыху, і тым часам не хочуць выпускаць нічога ядомага.
— Гэта значыць ім здаецца, што мы не ўцячэм ад іх, — падкрэсліў Генры.
Але Біл пакінуў гэтыя словы без увагі.
— Я некаторых бачыў. Вельмі худыя! Напэўна, ім даўно нічога не перападала, калі не лічыць Фэці, Фрога і Спэнкера. А іх так шмат, што яны з'елі і не пачулі. Здорава схудалі. Рэбры — як сціральная дошка, і жываты зусім падцягнула. Адным словам, дрэнныя іх справы. Таго і глядзі, ашалеюць, а тады трымай вуха востра!
Праз некалькі хвілін Генры, які ішоў цяпер за санямі, ціха, засцерагаюча свіснуў.
Біл азірнуўся і спакойна спыніў сабак. За паваротам, які яны толькі што прайшлі, адкрыта па іх свежых слядах бег пушысты звер. Прынюхваючыся