спрабаваў разняць пашчэнкі бульдога. Але ўсе яго намаганні былі дарэмны. Сціскаючы яму пашчэнкі з абодвух бакоў, стараючыся рашчапіць іх рукамі, ён не пераставаў час ад часу выкрыкваць «Быдла».
Натоўп захваляваўся, і некаторыя ужо пачыналі пратэставаць супроць такога няпрошанага ўмяшання. Але варта было незнаёмаму на адну секунду падняць галаву і паглядзець у бок натоўпу, як пратэстуючыя галасы змаўкалі.
— Праклятае быдла, — крыкнуў ён і зноў узяўся за работу.
— Няма чаго і старацца, містэр Скот. Мы іх так ніколі не расцягнем, — сказаў, нарэшце, Мэт.
Яны кінулі свой занятак і агледзелі сашчапіўшыхся сабак.
— Крыві шмат вышла, — сказаў Мэт, — а ўсё-ж не паспеў дабрацца да горла.
— Таго і глядзі, дабярэцца, — адказаў Скот. — Вось. Бачылі? Яшчэ вышэй перахапіў.
Хваляванне маладога чалавека і страх яго за лёс Белага Клыка раслі з кожнай хвілінай. Ён некалькі разоў адзін за адным ударыў Чэрокі па галаве. Але гэта не дапамагло. Чэрокі завіляў абрубкам хваста ў знак таго, што, вельмі добра разумеючы сэнс гэтых удараў, ён усё-ж выканае свой абавязак да канца і не разніме пашчэнак.
— Дапамажыце хто-небудзь! — крыкнуў Скот, у роспачы звяртаючыся да натоўпу.
Але ні адзін чалавек не крануўся з месца. Замест гэтага гледачы пачалі падсмейвацца над ім і засыпалі яго цэлым градам здзеквальных парад.
— Усуньце яму што-небудзь у пашчу, — параіў Мэт.
Скот схапіўся за кабуру, што вісела ў яго на поясе, выняў рэвальвер і паспрабаваў прасунуць дула паміж сціснутымі пашчэнкамі бульдога. Ён стараўся з усіх сіл; было чуваць, як сталь скрыпіць аб сашчэпленыя зубы сабакі.
Стаўшы на калені, Скот і паганяты нахіліліся над сабакамі.
Тім Кінэн ступіў у круг. Спыніўшыся каля Скота, ён крануў яго за плячо і прагаварыў пагражальным тонам:
— Не зламайце яму зубоў.