гледзячы на сабаку. — Больш за ўсё ён мае патрэбу ў чалавечай ласцы.
З гэтымі словамі ён павярнуўся і ўвайшоў у дом. Вышаўшы назад, ён вынес з сабой кавалак мяса і кінуў яго Беламу Клыку. Той адскочыў убок і пачаў недаверлва разглядаць кавалак здалёк.
— Назад, Маёр! — крыкнуў Мэт, але было ўжо позна.
Маёр кінуўся да мяса, і ў той момант, калі кавалак ужо быў у яго ў зубах, Белы Клык наляцеў зваліў сабаку з ног. Мэт кінуўся да іх, але Белы Клык зрабіў сваю справу хутка. Маёр ледзь падняўся на ногі, а кроў, якая хлынула ў яго з горла, чырвонай лужай распаўзалася па снезе.
— Шкада Маёра, але ён варты таго, — паспешна сказаў Скот.
Мэт ужо падняў нагу, каб ударыць Белага Клыка. Хутка адно за другім адбыліся прыжок, лясканне зубоў і рэзкі выгук.
Раз'юшана рыкаючы, Белы Клык адпоўз на некалькі ярдаў назад, а Мэт нахіліўся і пачаў аглядаць пракушаную нагу.
— Цапнуў усё-ж, — сказаў ён, паказваючы разарваныя штаны споднюю бялізну, па якой расплываўся крывавы круг.
— Я-ж казаў вам, што гэта безнадзейная справа, — з роспаччу ў голасе сказаў Скот. — Я аб гэтым сабаку ўжо многа думаў. Ну, што-ж, нічога іншага не астаецца. З гэтымі словамі ён нехаця выняў рэвальвер і, агледзеўшы барабан, пераканаўся, што кулі ў ім ёсць.
— Паслухайце, містэр Скот, — запратэставаў Мэт, — чаго толькі гэтаму сабаку не давялося перанесці! Нельга-ж патрабаваць, каб ён адразу ператварыўся ў ангела. Дайце яму тэрмін.
— Паглядзіце на Маёра, — адказаў Скот.
Паганяты глянуў на скалечанага сабаку. Ён валяўся на снезе у лужыне крыві і, як відаць, здыхаў.
— Ён варты таго. Вы-ж самі так сказалі, містэр Скот. Паквапіўся на мяса Белага Клыка, значыць, спета яго песенька. Гэтага трэба было чакаць. Я і граша ламанага не дам за сабаку, які аддасць свой кавалак без бою.
— Ну, а вы самі, Мэт? Сабака-сабакай, але ўсяму павінна быць мера.