кол накрытага стала і чакаюць толькі дазволу, каб пачаць есці. І гэтай ядой суджана стаць яму! Ён задаваў сабе пытанне: калі-ж ваўкі пачнуць свой бал?
Падкладаючы сучча ў агонь, Генры заўважыў, што цяпер ён зусім па-новаму адносіцца да свайго цела. Ён назіраў за работай мускулаў і з цікавасцю разглядаў хітры механізм пальцаў. Пры святле агню ён некалькі разоў згінаў іх, то па-аднаму, то ўсе адразу, то растапырваў, то хутка сціскаў у кулак. Ён вывучаў будову пазногцяў, пастукваў кончыкамі пальцаў то мацней, то больш мякка, правяраючы чуллівасць сваёй нервовай сістэмы. Усё гэта захапляла Генры, і ён раптам адчуў вялікае замілаванне да свайго цела, якое працавала так лёгка, так дакладна і дасканала. Потым ён кідаў баязлівы позірк на ваўкоў, якія змыкаліся вакол яго ўсё цясней, і яго, быццам громам, паражала раптам думка, што гэтае цудоўнае цела, гэтая жывая плоць ёсць не што іншае, як мяса-прадмет прагнасці пражорлівых звяроў, якія разарвуць, раздзяруць яго сваімі клыкамі, заспакояць ім голад, таксама, як ён сам не раз заспакойваў свой голад мясам лося і труса. Ён прачнуўся ад дрымоты, якая межавалася з кашмарам, і ўбачыў перад сабой рыжую ваўчыцу. Яна сядзела на адлегласці якіх-небудзь шасці футаў ад агню і тужліва пазірала на чалавека. Абодва сабакі скуголілі і раўлі ля яго ног, але ваўчыца не звяртала на іх ніякай увагі. Яна глядзела на чалавека, і на працягу некалькіх хвілін ён адказваў ёй тым-жа. У ваўчыцы не было нічога страшнага. У вачах яе свяціўся вялікі сум, але Генры ведаў, што сум гэты народжан страшэнным голадам. Ён быў стравай, а бачачы гэтую страву ў ваўчыцы ўзбуджаліся смакавыя адчуванні. Пашча яе была разяўлена, слюна капала на снег, і ваўчыца аблізвалася, прадчуваючы асалоду.
Шалёны страх апанаваў Генры. Ён хутка працягнуў руку за галавешкай, каб кінуць ёю ў ваўчыцу. Але не паспеў ён і дакрануцца да галавешкі, як ваўчыца адскочыла назад, і ён здагадаўся, што звер гэты прывык да таго, каб у яго кідалі чым папала. Адскокваючы назад, ваўчыца агрызнулася, вышчарыўшы белыя клыкі да самых дзяснаў; вочы яе страцілі ўсю сваю тугу і засвяціліся такой крывяжэрнай злосцю, што Генры