Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/73

Гэта старонка была вычытаная

яе за сабой, як палонніцу, а за Кіч пацягнуўся і Белы Клык, вельмі збянтэжаны і занепакоены гэтым новым здарэннем.

Яны адправіліся ўніз па рачной даліне, значна далей тых месц, куды заходзіў у сваіх вандраваннях Белы Клык, і дайшлі да самага канца яе, дзе рэчка ўпадала у Макензі. На беразе на высокіх жэрдках стаялі пакінутыя раней пірогі[1], ляжалі рашоткі для сушкі рыбы, і тут індзейцы сталі лагерам. Белы Клык са здзіўленнем азіраўся вакол сябе. Магутнасць людзей расла на яго вачах з кожнай хвілінай. Ён ужо пераканаўся ў іх уладзе над раз'юшанымі сабакамі. Гэтая ўлада гаварыла аб сіле. Але яшчэ больш здзіўляла ваўчка іх улада над нежывымі прадметамі, іх здольнасць змяняць самы твар свету. Гэта здзіўляла ваўчка больш за ўсё. Ён заўважыў, што людзі ўстанаўляюць жэрдкі для вігвамаў; але тут не было нічога цікавага, — гэта рабілі тыя-ж самыя людзі, якія ўмелі кідаць на вялікую адлегласць каменні і палкі. Аднак, калі з жэрдак, абцягнутых скурай і парусінай, атрымаліся вігвамы, Белы Клык здзівіўся.


Больш за ўсё яго здзіўлялі велізарныя размеры вігвамаў. Яны раслі ўсюды, як жывыя істоты, з надзвычайнай хуткасцю. Яны займалі амаль усё поле зроку ваўчка. Ён баяўся іх. Яны злавесна маячылі ў вышыні, і калі вецер прабягаў па стаянцы, надзімаючы на вігвамах парусіну і скуру, ваўчок у страху прыпадаў да зямлі, не зводзячы з іх вачэй і рыхтуючыся кожную хвіліну адскочыць убок, як толькі яны пачнуць валіцца на яго.

Але хутка яго страх перад вігвамамі знік. Ваўчок бачыў, як жанчыны і дзеці ўваходзілі і выходзілі з іх без усякай шкоды для сябе, а сабакі часта спрабавалі прайсці ўнутр, але людзі праганялі іх з лаянкай і шпурлялі ў іх каменнямі. К канцу дня ваўчок пакінуў Кіч і асцярожна падпоўз да бліжэйшага вігвама. Яго падбухторвала цікаўнасць — патрэбнасць вучыцца жыць, дзейнічаць і набірацца вопыту. Апошнія некалькі дзюймаў, якія аддзялялі яго ад сцяны вігвама, поўз

  1. Пірога — вузкі і доўгі човен у караібаў, які звычайна выдзёўбваецца ці выпальваецца з цэлага дрэвавага ствала.