Піліп
Ой не! не тое яно!.. Бывала, па паўбочкі жыта, ускінуўшы на плечы, нясу, а цяперака і самога сябе часамі панесці цяжка. Ну! на тое — век мой вялікі… Лічыце ж, што мой старшы сынок Ян пад Севастопалем галоўку палажыў… З другое дачкі Уляны, што за Прахорам, унучку, ужо гады чатыры, як замуж аддавалі. Другіх дзетак Бог забраў, а гэтыя два мае блазны… дык гэта ж саўсім смуроды… проціў братоў, а і яны ўжо на лес гледзячы павырасталі. А ці мала на вяку ўсякага ліха перабылося?
Грыгор
А ей!..
Піліп
Тое ж то яно! Вось і цяпер і маю тую думку, што не жыць мне другога веку. Малады можа, а стары дык мусіць… Прызнацца, куме, не хацелася бы сякі-такі лад, што ў хаце пазаводзілі, пабачыць на старасці лет маіх папсованым. Што ж? падзяліўшы на двое і поле, і сенажатку, і хатку і ўсякую худобу і таму і другому — не быць гаспадаром як мае быць… Не папнешся, калі няма на чым… От я, значыцца, і пастанавіў сабе так дзяліць маіх дзетак: аднаму здам гаспадарку, другому грашмі дам тое, што яна варта. Хочаш, купляй зямлю, будуйся, гаспадар, хочаш, за другое бярыся… як сам ужо знаеш…
Грыгор
Ну, а сыны што на гэта?..
Піліп
От тут-то і самы клопат! І той бацькаўшчыну хоча і другі… Мы, кажуць, тату, тут параслі, тут і жыць хочам. Каб я, значыцца, аднаго сына відзеў за што лепшае проціў другога, ну сказаў бы, так!.. і канец! — так хачу, так і будзе. Дык што ж тут парадзіць, калі абодва, дзякаваць богу, мае хлопцы і працавіты, і не лайдакі, і сумленны, і мяне старога і шануюць і слухаюць!..
Грыгор
Але ж… гэта і мы відзім…
Піліп
Вось жа, уважайце сабе, куме, які спосаб Бог мне і думцы пасылае… Не дзіва, што і Антось і Змітрук у мяне слухмяныя хлапцы, бо я яшчэ і цяпер і за лоб і бізуном задам, абы што… Пабачым, як яны спраўляцца будуць па сваей волі жывучы!..