Старонка:Lucyna.Z kryvavych dzion.djvu/18

Гэта старонка не была вычытаная

ўяўлялі сабою прыгожы малюнак. Цэлыя ваколіцы ўсцілаліся такім густым дымам, што нават сонца, пранікаючы праз яго тоўшчу, здавалася, набірае чырвоныя колеры.

Незалежна ад перашкод, якія ставіліся царскім войскам на кожным кроку, Ляскоўскі, маючы давераны яму атрад партызанаў, удала абмінаў пятнаццаць тысяч салдат і казакаў і здолеў правесці яго без аніякай сустрэчы з небяспекаю. Калі партызаны назаўтра пасля юравіцкай бітвы, блукаючы па лесе, здаралася, блудзілі ў зарасніках, Ляскоўскі загадаў усім несці ў руках запаленыя стэарынавыя свечкі, каб прасцей адзін аднаго маглі бачыць. Гэтая працэсія людзей з запаленымі свечкамі, якая цягнулася на фоне цёмнага бору, утварала дзіўна арыгінальны, дантаўскі амаль вобраз. Толькі не было каму дзівіцца, бо ўсіх вярэдзіла адзіная думка пра нядаўні бой і пра тое, як быць далей.

Праз колькі дзён паўстанцы выйшлі на дарогу паміж Ігуменам і вёскаю Дамавіцак і тут затрымалі генерала Грунта з суправаджальным эскортам казакаў. Генерал, прыведзены ў паўстанцкі лагер, мусіў прысягнуць, што ніколі супраць іх ваяваць не будзе. Пасля гэтага яго адпусцілі. І сапраўды, слова ён стрымаў, бо адразу ж падаў у адстаўку і выехаў на сваю радзіму.

Тым часам на Ляскоўскага і яго атрад рабіліся сапраўдныя аблавы. Салдаты, адкрыўшы месца, дзе ён хаваўся, акружалі яго і, сціскаючы паступова ланцуг, перакрывалі шлях да ўцёкаў. Аднак Ляскоўскі ўмеў так удала выкруціцца і пакінуць небяспечнае месца, што ўсе намаганні ворагаў загнаць яго з атрадам у расстаўленыя пасткі зводзіліся на нішто. Намаганні гэтыя рабіліся ўсё больш старанна, бо ўлады былі перакананы, што групай яшчэ камандуе Свентарэцкі. Мужыкі, бачачы, як неэнергічны камандзір змог столькі разоў пазбегнуць засады, свята верылі, што ў гэтым памагае нейкая нячыстая сіла.

Адначасна ўвесь край быў аб’яўлены на ваенным становішчы. З Пецярбурга прыбыла палітычная камісія, на чале якой стаялі так званыя дзеяцелі: генерал-губернатар Забалоцкі, абруселы літвін, пра якога мы гаварылі вышэй, Еўлеў, фон Братке, Крыжаноўскі, Русінаў і шмат іншых. Арышты адбываліся адзін за адным, усе турмы былі перапоўнены паўстанцамі і падазронымі, не ашчаджалі тут ні кабет, ні дзяцей, а на каго падала падозранне ў спачуванні паўстанню, яго тут жа хапалі і саджалі ў турму, а пасля высылалі ў Сібір.

Тым часам, нягледзячы на цяжкія ўмовы і пастаянную небяспеку, Ляскоўскі некалькі месяцаў шчасліва праслізгваў паміж шэрагаў салдат. Бачачы, што набліжаецца зіма і што да-