Старонка:Metodyka 1926.pdf/4

Гэта старонка не была вычытаная

ПРАДМОВА.

У той час, калі наша беларуская школа пераходзіць на выкладаньне ў роднай мове і пробуе стаць на свае ўласныя ногі, паяўленьне кожнага падручніка для школы, кожнай кнігі для школьнага ўжытку, - адным словам, кожная новая пэдагогічная літаратура, як для вучняў, так і для настаўніка, набывае асаблівае значэньне. Кожны настаўнік беларускай школы вельмі востра адчувае недастачу кніг, падручнікаў і наогул школьнай літаратуры. Гэты брак літаратуры стварае надзвычайныя труднасьці для настаўніка і для справы беларусізацыі школ, ставіць вялікія перашкоды для разьвіцьця мовы, бо і настаўніку і вучням, асабліва сярэдніх і вышэйшых школ, прыходзіцца карыстацца чужымі крыніцамі, што вельмі шкодзіць разьвіцьцю свае ўласнае мовы. Вось чаму пытаньне аб пэдагогічнай літаратуры пры такіх умовах стаіць надзвычайна востра.

Адчуваючы гэтую патрэбу ў кнізе, аўтар і ўзяў на сябе сьмеласьць злажыць падручнік па мэтодыцы роднае мовы для настаўнікаў пачатковых школ і пэдагогічных тэхнікумаў, прычым зазначаецца:

  1. Даючы падручнік па мэтодыцы мовы, аўтар не прэтэндаваў на самабытнасьць, орыгінальнасьць свае работы: гэтая работа ёсьць работа компіляцыйная. Пры складаньні падручніка аўтар шырока карыстаўся расійскімі мэтодычнымі крыніцамі (проф. Кульман, проф. Афанасьеў, А. Папоў, Данілаў і друг.).
  2. Складаючы падручнік, ўтар не адрываўся ад рэальных умоў жыцьця нашае школы і, па магчымасьці, стараўся даць настаўніку ўсё тое, што канечна патрэбна з пэдагогічнага і мэтодычнага погляду для правільнай работы ў школе. Аўтар не стараўся навязваць, выдзяляць тыя мэтоды навучаньня, якія ён сам лічыць найболей прыстасаванымі да нашых школ пры іх крайнім убостве з боку тэхнічнага і матэрыяльнага абсталяваньня. Аўтар паставіў сабе задачу даць настаўніцтву тыя мэтоды ў беларускай мове, якія найболей прыдуцца па гусьце самога настаўніка, даць магчымасьць выбару гэтых мэтодаў, каб, выбраўшы найболей адпаведны мэтод, ён мог карыстацца ім у сваёй практычнай рабоце.
  3. Выпускаючы свой падручнік па мэтодыцы мовы, аўтар робіць першы пачын у гэтай справе і спадзяецца, што сьледам за ім пойдуць другія пэдагогі і дадуць настаўніцтву тую літаратуру пэдагогічнага характару, у якой так востра адчуваецца патрэба ў нашы дні.

Аўтар.

1-XI-1925 г.

г. Менск.