Старонка:Metodyka 1926.pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная

Мэтодыка роднае мовы і яе задачы.

Мэтодыка — частка дыдактыкі.

Дыдактыка дасьледжвае ўмовы і спосабы найболей дакладнага навучаньня. Яе можна вызначыць, як тэорыю навучаньня. Дыдактыка выясняе асноўныя пачаткі, прынцыпы навучаньня, ацэньвае розныя мэтоды і формы навучаньня, разглядае, з погляду стала зложаных ёю асноў, рознастайныя спосабы выкладаньня.

Дыдактыка падзяляецца на дзьве часткі: агульную і спэцыяльную. Агульная частка дыдактыкі зьмяшчае ў сабе агульную тэорыю навучаньня. Спэцыяльная частка дыдактыкі выясьняе спосабы прымяненьня агульных дыдактычных прынцыпаў пры навучаньні таму ці іншаму прадмету, напрыклад: пры навучаньні роднай мове, гісторыі, грамадзяназнаўству, матэматыцы і інш. Агульная частка дыдактыкі йначай называецца агульнай дыдактыкай, а спэцыяльная часьць — мэтодыкаю.

Мэтодыку можна вызначыць, як тэорыю выкладаньня таго ці іншага прадмету. Такім чынам, кожны прадмет школьнага выкладаньня мае сваю мэтодыку.

Мэтодыка роднае мовы павінна вызначыць задачы навучаньня роднай мове, выясьніць, якія спосабы навучаньня найболей адпавядаюць пэдагогічным прынцыпам і даць найболей прыкладныя практычныя спосабы самога навучаньня. Каротка — мэтодыка роднае мовы павінна паказаць, як трэба вясьці навучаньне роднай мове, каб яно было і пасьпешным і навукова правільным.

Для суджэньня аб вартасьці таго ці іншага мэтоду выкладаньня, таго ці іншага спосабу навучаньня, мэтодыка кіруецца двома прынцыпамі: практычным і пэдагогічным. Настаўнік павінен клапаціцца аб тым, каб навучаньне было як можна больш сьціслым і мяркоўным, гэта значыць, каб з найменшаю тратаю часу і сілы навучаньне дасягала-б тэй ці іншай мэты. Дзеля гэтага кожны падыход да навучаньня павінен быць мэтазгодным, каб ня толькі практычна ён мог лёгка выяўляцца, але і вясьці да мэты простаю дарогаю, каб найбольшая колькасьць патрэбных вучэбных заняцьцяў выпаўнялася-б над найменшаю колькасьцю матэрыялу. Але залішняя практычнасьць не павінна йсьці насупярэч з патрабаваньнямі разумнага і ўдумнага выхаваньня і навучаньня. Наадварот, пры навучаньні пэдагогічны бок мае больш важнае значэньне і павінен быць пастаўлен вышэй чыста практычных задач. Толькі пры такіх умовах вучэньне дасьць добрыя вынікі.