Старонка:Moj dom 1946.pdf/24

Гэта старонка была вычытаная

НАД СВІСЛАЧЧУ

Растрэслі адзенне лясы,
Даўно адцвілі верасы,
І травы павялі.
Глядзяць сіратою лугі,
Пажоўклі, аселі стагі,
Да долу прыпалі.
Разліта сумоты пячаць,
І кроплі імжакі блішчаць,
Як слёзы на вецці.
І я мімаволі не раз
У восеньскі спознены час
Успомню аб леце.
У мыслях лячу я туды,
Дзе сонца, лясы і груды
З дубамі, з травою.
І, нібы чаруючы сон,
Малюнкаў і песень шум-звон
Плывуць нада мною.

Усходзіць сонца з-за Блужскага бору
І сцеле на ўзгоркі парчу залатую,
Развешвае чырвань на хвою унь тую,
Што туліць, як маці, сям’ю маладую
Хваінак, паросшых па касагору.