Гэта старонка была вычытаная


Ды Вусце сягоння глухне, нямее,
Змаўкае і голас у ім чалавечы -
Нясуць маё Вусце шырокія плечы.
Стаяць недаўменна адны толькі печы,
І клён каля плоту асірацее.

Ну, што-ж? Бывайце! — скажу я жычліва. -
Будуйцеся ў вёсцы на новай мясціне
У дружнай і шчырай калгаснай сябрыне.
Хай добрая доля вас не пакіне:
Багата жывіце вы і шчасліва!

Праз купы раслінак сыплюцца стрэлы -
Паказвае сонца свой воблік адкрыты
Ды сее брыльянты на луг, аксаміты
Травы прыбярэжнай, як рунь сакавітай,
І на паплавок мой хітра прысела.

Гарыць і дрыжыць вясёлка-іскрынка.
Агні незлічоныя раптам заззялі.
Грымяць жывым срэбрам на Свіслачы хвалі.
Аір і чароты страсаюць каралі -
У воду роняць расу за расінкай.

Я дбала гляджу, сачу ўсё за вудай.
Не чую, як сядзе і тне камар вушы.
Чакаю — вось клюне штось з воднае глушы
І на паплаўку маім сонца патушыць. -
І з поўнай пайду рыбацкай пасудай.

Злаўлю, не злаўлю — ды я не сярдую.
Я рады дню, сонцу, прасторнаму лугу,
Ружоваму небу і ветрыку-другу,
Што ходзіць, як сонца па вечнаму кругу,
Ды хмару прыгоніць нам дажджавую.