Гэта старонка была вычытаная
Ці дома я, ці я ў паходзе,
Калі адзін, як воўк, брыду, -
У кожнай хвілі і ў прыгодзе
З сабой нясу дум чараду.
За ёю следам сумным ходам
Малюнкі прошласці плывуць,
І так мне жаль іх і так шкода,
Што іх нанова не вярнуць.
На сэрцы горыч вірам хлыне,
Як дождж на голле і камлі:
Мой добры друг, мая святыня
Ляжыць адна ў сырой зямлі!
Развага кажа мне: змірыся,
І твой не так то шлях даўгі,
А сэрца рвецца ў тыя высі,
Дзе сонца значыць берагі.
8/VIII — 1945 г.