Старонка:Na rostaniah 1.pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

мі-валокнамі цёмнае неба. Было ціха і глуха. Праз некалькі хвілін каля дзвярэй у кухню скрабнула мышка. Як відаць, яна знайшла дзесь скарыначку хлеба і барабаніла ёю аб падлогу.

Лабановіч стараўся заснуць, але яму штось не спалася. Як толькі заплюшчыў вочы, перад ім, як жывы, усплыў малюнак дарогі, якою ён ехаў ад станцыі: несканчоныя балоты і цэлыя статкі стажкоў на іх, грэблі, брады, старыя хвоі, што горда ўзвышалі свае макушы над лесам, і наогул увесь гэты краявід, поўны свайго асаблівага хараства і невыразнай цікавасці... "Калі хворы чалавек пачынае думаць аб вялікай дарозе, то гэта ёсць прымета таго, што гэты чалавек не ачуняе", - прыпомнілася невядома калі і дзе і кім выказаная думка.

- Усё гэта - глупства, - падумаў настаўнік і павярнуўся на другі бок.

III

У нядзельку раненька, ледзь толькі зайграла чырвань на ўсходзе, Лабановіч сядзеў ужо на сене ў драбінах і выязджаў з вёскі. Невялічкая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыветна і непрытульна. На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці, як-бы тутэйшыя гаспадары будаваліся на скорую руку і ўсё рабілі да часу і яшчэ не ўправіліся даць той лад і парадак, якім, наогул, адзначаецца беларуская вёска. Вуліца была роўная і шырокая. Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца. А гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі. Але палешукі звыкліся і зжыліся з гэтай граззю і не зварачалі на яе ўвагі. Хаты былі пераважна новыя, пабудаваныя з тоўстага і гладкага лесу. У размяшчэнні гаспадарскіх будынін на дварэ таксама не было пэўнага парадку і сістэмы, а ўсё было навалена, як папала.

Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як-бы зусім яшчэ ня-