Старонка:Na rostaniah 1.pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

— Ведаем мы гэтых пустэльнікаў, — зноў падміргнуў Дубейка. — У ціхай вадзе чэрці водзяцца.

Першыя ўражанні знаёмства не спадабаліся маладому настаўніку, і ён, папрасіўшы выдаць пасылкі з кнігамі і сшыткамі для яго школы, развітўся з новымі знаёмымі.

Вышаўшы са зборнай, Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго.

— Не, калега,: трэба пазнаёміцца з пісаранкамі, бо калі не зойдзеце да іх, то гэта будзе такая крыўда, якая вам ніколі не даруецца ні ў гэтым жыцці, ні на тым свеце.

Саханюк узяў пад руку Лабановіча і павёў яго ў кватэру пісара.

Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька і акуратна на мяшчанскі лад. Сталы і столікі былі засланы чыстымі настольнікамі і настольнічкамі. Крэслы стаялі ў парадку. На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Па кутках залы стаялі круглыя столікі пад белым кружавам на століках ляжалі альбомы для фатаграфій. На вокнах вазоны розных гатункаў. Адным словам, на ўсім быў відзен адбітак дзявоцкага прызору і акуратнасці.

Маня, старэйшая дачка пісара, ужо не маладая дзяўчына, гадоў за дваццаць пяць, па ўсім відаць было, падгатавалася спаткаць настаўнікаў. Яна надала свайму твару тую міну, той выраз, якія люстэрка падказала ёй, як самыя лепшыя, што найбольш ішлі да яе, нявінна сядзела за сталом, нібы нічога не ведаючы, і разглядала «Ніву». Яна была чорная, як цыганка, даволі прыгожая з твару: але разам з гэтым было на ім і нешта такое, што рабіла яго сярдзітым, злым. Напэўна доўгае чаканне свайго суджанага, якога дзесь затрымалі чэрці, мела свой уплыў. Саханюк галантна падвёў свайго калегу да пісаранкі.

— Лабановіч, цельшынскі педагог.

— Вельмі прыемна, — сказала Марыя Пятроўна: — Сядайце, калі ласка!

Лабановічу здалося, што яна чымся ўгневана. «Ці не Саханюком, які шукае свайго шчасця не тут, блізка, а дзесь за сем вёрст, што яна з ім крыху неласкавая?» — падумаў Лабановіч.