Старонка:Nemanau dar 1913.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

упусьцім; гэта дар Нёмана, дарагі дар, і мы павінны шанаваць яго. Зірніце вакруг: тут німа той мясьцінкі, дзе-б не ступала наша нага; кожная пясчынка тут прыгладжэна нашым лапцем; ў гэтым жоўценькім пясочку кожны з нас качаўся, як быў малы. І аддаць гэты берэг, ўсё роўна што пазволіць адсеч сабе руку або нагу. Нехай яны ставяць капцы, гэта іх дзела, а мы будзем выкідаць іх,— гэта наша сьвятая павіннасьць.—

Сказаўшы гэта, Андрэй сьмела і цьвёрда рынуўся на капец. За Андрэем паваліў увесь гурт народу. Свежа ўкопаны капец яшчэ не астояўся тут, і цяжкая земля яшчэ ня усьпела асесьціся. Андрэй крэпка абняў слупок, упёрся нагамі у зямлю і зрушыў яго. Падскочыушые селяне выцягнулі яго і павалілі у Нёман. Два мужчыны пабраўшыся за канцы слупка, разгойдалі яго ідалёка шпурнулі ў воду.

— Дар за дар! — сказау Грышка Астапчук, кінуўшы у Нёман гэты слупок.

Пачуўся пляск вады, узьняўся цэлы сноп пырскаў, і слупок перакруціўшыся раз, другі, спакойна паплыў за вадою.

— Танна ты, брат, лічыш Нёманаў дар,— сказаў Грышку Мікіта Кажан.

— Гэ! можа ён яшчэ што цікавейшае возьме!— сказаў стары Ахрым.

Так зрабілі і з другім капцом, і бераг зноў стаў такі самы, як бы сюды ніколі не заходзіў пан каморнік.