Старонка:Nemanau dar 1913.pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

— А! добры вечэр!— абярнуўся да яго Васіль. Ён сумыслу паказаў від, што толькі цяпер заўважыў яго.

— Калі гэта, Васіль, вочы перэсталі служыць табе?— спытаў лясьнік.

— А с таго часу, як ты пачаў насіць сурдут с касьцянымі гузікамі і боты з блішчастымі халявамі,— атказаў Васіль.

— А ты дык надта паразумнеў, як скінуў лапці і ўзлажыў бацькавы боты. Мусіць мае касьцяные гузікі табе вочы колюць?

— А колюць, браце; бо я замечаў, калі хто ў сабе нічога не мае, дык той на сябе цацкі начэпляе.

Лясьнік устаў, пусьціўшы меж вушэй Васілёвы словы і сказаў:

— Добраноч, Ганна!

— Будзьце здаровы.

— Чым мела тут з Васілём лізацца, пашла-б лепей бацьку торбу на дарогу пашыла, — сказаў лясьнік, адышоўшы крокаў пяць, і засьвістаў якуюсь польку.

— Свішчы, свішчы!— сказаў Васіль:— паглядзі ідзі, ці цэлы капцы, а то дарма хлебам кормюць цябе.

— Цябе-б паставіць на мейсцэ капца, то не так скора выцягнулі-б, бо ты доўгі, як шнур,— адсекся лясьнік ужо здалёк.

— Лепей сам стань там, аднак вакансія ёсць!— гукнуў у сьлед яму Васіль і громка зарагатаў.