Старонка:Nemanau dar 1913.pdf/24

Гэта старонка не была вычытаная

Ганна і Васіль неколькі мінут сядзелі моўчкам.

— Што ты, Ганна, нешта сягоньня невясёла,— спытаў Васіль дзяўчыну, палажыўшы ей на плячо сваю руку.

— Гэта табе так здаецца, — сказала Ганна, апусьціўшы галаву.

— Ой, не! Ну, зірні-ж мне ў вочы,— не адступаўся Васіль, і блізка прыхіліў сваю галаву да Ганны. Дзяўчына яшчэ больш прыгнулася і пазірала ў зямлю.

— Можэ «касьцяны гузік» скрыўдзіў цябе? А можэ ты не рада, што я прышоў і не даў табе пагаварыць з ім? Можэ ты сярдуеш на мяне, што я сыпаў, яму як прыскам у вочы?

І с кожным пытаньнем голас у Васіля меняўся: то ў ім гучаў малады задор, то чуўся страх утраты любой дзяўчыны.

— Ат! гаворыш німа-ведама што, — сказала дзяўчына:— або ты мяне сягоньня толькі знаеш?— узьняла яна свае мокрые вочы і так глянула на Васіля, што гэты пагляд глыбока прайшоў у яго сэрцэ.

Васілю стала лёгка і добра, і ён пачуў у сабе прыліў вялікай сілы і шчасьця.

— А усё-ж ткі, Ганначка, ты нечага смутна. Ведаю добра, што ў цябе нейкі клопат на сэрцы. Скажы мне, не затаівайся. Мне так весела, хачу, каб і табе было лёгка на сэрцы.

Ганна трохі памаўчала.

— Ведаеш, Васіль, што казаў ён мне?