Старонка:Nemanau dar 1913.pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

Ніхто на заўтра ня ведаў, хто і калі паставіў новые капцы. І то яшчэ трэба сказаць, што меж селян пайшла глухая гаворка, у каторай чулася нейкая трывога і страх. Усе выглядалі так, як бы ў незабаве часу павінна было штось зрабіцца, і на твару найболей баязьлівых было напісана чэканьне чагось то нядобрага. У сяле ўсякіе слыхі, усякая гутарка, каторая вядзецца патайна, без ўсякіх сьведак, скора робіцца агульнай абладай. Здаецца само паветрэ разносіць усё тое, што дзе робіцца і гаворыцца ў сяле.

У гэты дзень як раз прыпадаў Юрый. Яшчэ ня ўсьпела прабудзіцца сяло, а ўжо ўсе зналі, што лясьніку ведома ўсё: ведома, хто выкідаў капцы, ведома, хто што гаварыў і навет думаў,— адным словам, ведаў усё што рабілася ўчора у луцэ. Бадай ня кожны селянін чуў цяпер за сабою, хоць малую, віну і трошкі баяўся. Цяпер селяне пачалі разьбірацца ў тым, што рабілі і што чулі ўчора ў мамэнт абуджэнага ў іх гнева.

«Што-ж?» думалі некаторые: «калі прыежджаў каморнік, ды яшчэ з дакумэнтамі, то пэўне ён не так сабе правадзіў граніцу, а меў нейкі грунт пад сабою». А як цяпер ведалі, што Андрэю можэ прыйсьціся не салодка, то і другіе пападжымалі хвасты і туляліся, каб ня вельмі быць на відоку.