Старонка:Nemanau dar 1913.pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

Ды ня ўсе, праўда, так думалі, былі і такіе, — хоць іх было меней,— каторые не баяліся даноса лясьніка, а сьмела стаялі за луку, бо былі цьвёрда пракананы, што гэта лука іх і што новые капцы павінны быць выкінуты вон, як і першые. А на шчот Андрэя гаварылі, што з даносу на яго нічога ня выйдзе. Трэба толькі дружна, ўсею грамадою, калі завядзецца дзела якое, сказаць, што лясьнік удае яго з помсты за тое, што ён ня хочэ аддаць за яго Ганну.

Такіе гутаркі падымалі дух у баязьлівых.

— Вы баіцёся гэтага «касьцянога гузіка»?— гаварыў Васіль Падбярозны, да баязьлівых,— што ён можэ данесьці у лясьніство? А нехай даносіць. Капцы зноў стаяць. Што-ж? нехай ён начэпіць гузікаў яшчэ ззаду; можэ тут, сярод вас, ёсьць яго пріяцель, — нехай ён пойдзе да яго і скажэ, што я, Васіль Падбярозны, усё роўна навыкідаю гэтые капцы к чортавай матары; гэта яго работа, і я ведаю, куды цэліў ён, стаўляючы іх у ноччы. Толькі-ж нехай ён ведае, што калі пасьмее разявіць рот, каб удаць мяне, то я яго разам з капцамі ўтаплю ў Нёмані. Нехай ён гэта ведае і помніць.

Апошніе словы Васіль сказаў ужо ў злосьці, і кулакі моцна згарнуліся, а сам ён прайшоўся грозна, як бура. Селяне проста любаваліся, пазіраючы на Васіля — такі ён маладзец: высокі, плячысты і такі сьмелы.