Старонка:Nemanau dar 1913.pdf/30

Гэта старонка была вычытаная

цярына:— ён хоць і не надта харошы, але-ж сурдут яго чаго варты!

І дзеўчаты аж захадзіліся ад сьмеху, перабіраючы костачкі хлопцаў.

— А, паралюш іх бяры з хлопцамі! давайце, дзеўчаткі, лепш сьпеваць. Ганна, зачынай!

— А і праўда, будзем сьпеваць, — сказала Ганна.

Дзеўчаты сталі ў кружок, пабраліся за рукі, а Ганна хадзіла ў кругу зь вянком на галаве, сплеценым з першых красак. І сама яна была, як краска: навет дзеўчаты любаваліся яе прыгожым тварам, доўгімі цёмнымі косамі і стройным станам.

Але песьня зараз абарвалася.

— Ціха! ціха! — закрычала адна дзяўчына такім праразьлівым голасам, што ўсе папалохаліся і перэсталі сьпеваць. З пад Нёмана нёсься трывожны крык селян і чуўся плач жанок; усе гэтые зыкі зьліваліся у страшную музыку якогась нешчасьця.

Дзеўчаты страшна перэпалохаліся. Ганна не магла прамовіць і слова. Сэрцэ яе білася моцна, моцна. Яна страшна збляднела і прысела на зямлю.

— Ой, галубачкі! забілі некага! — загаласілі дзеўчаты і кінуліся кулём туды, адкуль несься крык.