Старонка:Nemanau dar 1913.pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

Узяўшы стрэльбу, лясьнік з каморы яшчэ ў дзень пашоў пільнаваць капцы, каторые ён сам і паўстаўляў. А ўстаўляў ён іх у надзеі укачаць Васіля і замешаць яго ў справу з капцамі, бо ведаў гарачую натуру хлопца. Васіль жэ, убачыўшы рана капцы, зразу дагадаўся, чыя гэта работа і для чаго яна зроблена. Абодвы хлопцы бачылі адзін другога наскрозь. Не было ніякога сумленьня, што яны памагалі адзін аднаму і тым рабілі лягчэйшым сваё спатканьне, бо аднаму і другому даўно ўжо хацелася сыйсьціся на чыстым плёсі і зьвясьці рахункі. Нікому не гаварыў Васіль аб гэтым, бо баяўся перашкоды. Дык ён быў асьцярожны. Як трохі гутарка меж селян заспакоілася, Васіль на зьмерканьні вышоў ціханька з хаты, зайшоў на прыгумень, адтуль, пералезшы плот, пайшоў загуменьнем і вышоў з другога канца села на берэг Нёмана туды, дзе стаялі капцы. Лясьнік пахаджываў недалёка ад іх. Убачыўшы Васіля, ён спыніўся.

— Чаго ты снуешь тут? — спытаў Васіль лясьніка.