Старонка:Nemanau dar 1913.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

II.

Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман. Кожны год ўдзярэ ён якую нібудзь штуку: то выкаціць на чый-нібудзь шнур стары, мокшы векамі ў ім, труп дрэва, то выхваціць цэлую луку у адных і прыточыць другім, або падрэжэ грунт, на каторым доўгімі векамі стаяў асілак-дуб у самай добрай згодзі з суседам - Нёман. Не знае стрыманьня ён, ня ведае, куды дзець свае магучыя сілы. Але ніхто не жаліўся на яго свавольства. А ў нашым сяле яго надта любілі, бо ён для села быў, як родны бацька: і карміў, і паіў, і на сваіх плечах кожнага вынасіў, і кожнага за лета разоў тры у Коўна і Гродна вазіў, ды яшчэ і на дарогу даваў грошы. Праўда, езда па Нёмані на плытах не сусім лёгкая рэч. Ды што лёгка даецца на сьвеці простаму чэлавеку? Нёман быў нэрвом села, каторы будзіў яго жыцьцё і запраўляў чутка прыслухівацца да таго, што робіцца вакруг. І ўсе важнейшые справы былі так ці начэй шчэплены з Нёманам. Тут, на яго беразі, каторы так блізка падхадзіў к сялу, зьбіраліся селяне і радзілі свае рады.

— 6 —