Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/131

Гэта старонка была вычытаная

І падлавіў ён раз Алеся:
Ў законе божым, як у лесе,
Ня цяміў хлопец нічагутка;
Адам і Ева, збойца Каін
Разоў пятнаццаць ім аблаен,
Але няма ўсё таго скутку:
Два словы скажа і запнецца,
Бы галава там чым заткнецца,
Ну, проста зробіцца, як звон.
Алеся лаюць за закон:
— Ото бяспамятны дурніца!
Бадай ты спрогся быў, тупіца! —
Сьмяюцца, строяць з хлопца кпіны,
Няма спакою ні часіны.
Алесь пакутуе і плача:
Надыйдзе-ж гэтака няўдача!
І вось, зашыўшыся на печы,
Ён разважае недарэчы:
Як тут зрабіць і што парадзіць?
Куды-б „закон“ яму справадзіць?
— Згарэлі-б вы былі, «начаткі»!
Парву нашчэнт вас, небажаткі!…
А што-ж? пакромсаць іх і квіта!
Абы зрабіць тут шыта-крыта!..
Алесь па сталым разважаньні
Прыйшоў да тога пракананьня,
Што каб палепшылась вучэба,
То гэту кнігу зьнішчыць трэба.
І вось уночы наш дабродзей
Ўстае і крадзецца, як злодзей,
І кнігі з скрынкі выкідае
І пад сталом іх растрасае,
А ненавісныя „начаткі“
Парваў па самыя акладкі:
«Вось вам, Абрам, Ісак і Якаў!
Паплачце вы, бо я ўжо плакаў!»
Зрабіўшы строгую расправу,
Ён кінуў далей іх пад лаву,
Як быццам тут каты гулялі
І штук такіх навытваралі
Сваімі гульнямі і скокам,
І скрынку ставіць Алесь бокам.