Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/133

Гэта старонка была вычытаная

І бацька ўстаў на гэту справу
Пабачыць дзіўную праяву,
«Ўсё будзе добра, калі тата
Ня надта возьмецца заўзята» —
Алесь пад коўдрай разважае,
І страх мацней яго шугае.
Да кніжак тут усе сышліся,
І разважаньні пачаліся.
«Начаткі» доўга разглядалі,
Як іх «каты» пашматавалі.
Алесь за печчу весялее,
Але падняцца ён ня сьмее,
Каб там чаго не наплясьці,
На сьлед старэйшых не ўзьвясьці…
— Не: трэба ўстаць, устаць канечна,
Бо так ляжаць, брат, небясьпечна! —
Яго аж коле пад лапаткі.
Ўстае, глядзіць ён на «начаткі»,
Глядзіць ды ў сьлёзы! як заплача!
«Ах, ты, халерына кацяча!»
Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі,
І ў абурэньне, ў жаль вялікі,
Катоў ён бедных б’е, ганяе,
За хіб у сені выкідае,
Як бы яму тыя «начаткі»
Мілей і бацькі, мілей маткі.
— А гэта Каіну ня шкодзіць:
На што ён бога ў зман уводзіць?
Няхай братоў не забівае! —
«Начаткі» дзядзька разглядае,
Ківае хітра на Алеся: —
Няма ні Сіма, брат, ні Хама,
Падралі ў дрэбезгі Адама,
А Ева дзесь сядзіць на стрэсе,
Нідзе ня знойдзеш Салямона,
Кот на хвасьце панёс Самсона.
Тут, брат, Ісая і Агей,
Прарок Ільля і Ялісей.
Пастаў цяпер ты богу сьвечку,
За цэп бярыся ды за грэчку,
«Начаткі-ж» сунь ідзі пад стрэху! —
І аж заходзіцца ад сьмеху.