Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/141

Гэта старонка была вычытаная

Каго з бяды ні вызваляе!
У дзядзькі цэлы спрат запасаў —
Ня любіць дзядзька пустаплясаў.
Вось вы зірнеце ў хлеў на вышкі!
Там многа яблынін на лыжкі,
Там ёсьць і груша і кляніна,
Якая хочаш дравяніна:
Грабільны, косьсі, клёпкі, восі…
Няма, трайні — йдзі да Антося.
І людзі дзядзьку шанавалі,
А на кірмашы частавалі.
Каса чыя нядобра косіць —
Няхай Антося ён папросіць:
Антось наладзіць — так дагоніць,
Тады пабач, як загамоніць!
Каса ня косіць — каса брые
І шчытнякі бярэ сухія,
Бо ў дзядзькі рукі залатыя.
Каб дапісаць партрэт Антося,
Скажу: на сьвеце не знайшлося
Ні ўдоўкі-любкі, ні дзяўчыны,
Каб палучыць дзьве палавіны,
Каб разам шчасьце здабываць
І поруч долю падзяляць.
І я тут сам за дзядзьку мушу
Назад старонку адгарнуць
І аб вясьне яго ўздыхнуць
І добрым словам яго душу
Яшчэ раз шчыра памянуць.
Была вясна, было імкненьне,
І сэрца ведала тамленьне,
І сэрца водгук сэрца чула,
І сэрца к сэрцайку гарнула.
Ды толькі-ж доля ня будзіла,
І любка-Наста, яго міла,
Што так клялася, цалавала,
І к сэрцу з жарам прыхіляла,
Шло так суліла шчасьця многа, —
Яго зьмяняла на другога!
Антось… Ды што!.. цяпер забыта,
Даўно пажалі тое жыта
І тыя межы зааралі,
Што дзядзькаў смутак калыхалі.