Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/145

Гэта старонка была вычытаная

І трохі з Яські жартавалі.
Ўсяго было тут вечарамі,
Калі разыдудца, часамі!
На ўсё была свая прычына,
І адпаведная часіна.
Зайшла раз мова аб навуках —
Старых, даўнейшых — і іх штуках,
Аб кнігах з чорнаю пячацьцю,
Аб чараўніцтве, аб закляцьці,
Аб розных хітрасьцях і зману.
— Вось пусьцяць нейкага туману,
І чалавек хоць і жывы,
Але стаіць без галавы! —
Гаворыць дзядзька, хлопцам дзіва,
Ўсё іх цікавіць моцна, жыва.
— Я сам такую штучку знаю,
Што без памылкі адгадаю,
Як хто стаіць, ну, хоць-бы ў сенях:
Ці на нагах, ці на каленях,
Ці ён там стане, ці ён ляжа!
— Вось гэта, штука!- бацька кажа.
— І няўжо, дзядзька, адгадае?! —
Цікавасьць Яську забірае,
І не дае ніяк ён веры
І погляд кідае на дзьверы,
Бо хоча ён сваю асобу
У сені вынесьці на спробу.
— Ну, Костусь, пойдзем мы з табою? —
Ідуць і ў сенях між сабою
Вядуць параду, як пастаць,
Каб бацька ўжо ня мог згадаць.
Мяркуюць хлопцы так і гэтак,
Бы вулей ставяць пад паветак;
Урэшце ўсё абмеркавалі,
Хітрэй ня трэба, як пасталі:
Адзін прыгнуўся ракушком,
Другі ў падлогу ўпёрся лбом.
— Ну, дзядзька, як мы тут стаіма?
— А так, як цюцькі за дзьвярыма! —
Ім бацька з хаты дзесь азваўся,
І раптам дружны сьмех падняўся.

|}