Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/214

Гэта старонка не была вычытаная

Што вынікалі абурэньні,
Калі ў траве хто брод вядзе
Ды трохі ў шнур чужы ўбрыдзе; —
Тагды касцы страх, як крычалі
І мацярок упаміналі.
Эх, час касьбы, вясёлы час!
І я ім цешыўся ня раз,
І з тога часу па сягоньня
Мне сонцам сьвеціць Наднямоньне.
Касцы рассыпалісь па гаку,
Як-бы ідуць яны ў атаку,
І жыва менцяць свае косы:
І ткуцца здольныя пракосы,
Лажацца роўнымі радамі,
А за касцом двама сьлядамі
Адбіткі ног яго кладуцца,
А косы сьвішчуць і сьмяюцца.
Тымчасам сонца выйшла ўгору
І з безгранічнага прастору
Шырокай плыньню агнявою
На землю шчодраю рукою
Льле блеск гарачы і яскравы;
І вянуць скошаныя травы,
І выглядаюць нудна, палі.
На луг другая коціць хваля:
Ідуць грабцы, жанкі, дзяўчаты,
Убраны хораша, бы ў сьвята:
Чырвоны колер, белы — ўсякі,
Вы ў агародзе тыя макі;
Ідуць, пракосы разьбіваюць,
З лагчынак сена выграбаюць.
То там, то сям у чэсьць Пятровак
З грудзей тых макавых галовак
Дзяўчатак слаўных, яснавокіх
Ў лугох прасторным і шырокіх
Плывуць-дрыжаць сьпяванак тоны,
І тыя песьні засмучоны
І млеюць ў стомленым абшары,
Як-бы адбітак божжай кары.
А дзень гарыць, а дзень палае,
Ўсплывае хмарка і другая,
Над сіня-дымным небасхілам