Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/240

Гэта старонка была вычытаная

XXVII.

ПА ДАРОЗЕ Ў ВІЛЬНЮ.

Дарогі, вечныя дарогі!
Знаць вам спрадвеку самі богі,
Калі красёнцы жыцьця ткалі,
І вашы лёсы вызначалі.
Няма канца вам, ні супыну:
Вы жывы кожную часіну,
То задуменны, смутна, строгі,
Як сьлед захованай трывогі, —
То поўны чараў спадзяваньня,
То страхаў цёмнага зьніканьня,
Калі душа свой лёс прачуе,
І ноч нябыту зацянюе…
Дарогі, цёмныя дарогі!
Вы так маўклівы, вы так строгі!
Хто вас аблічыць? хто вас зьмерыць?
Хто вашы зьвівы ўсе праверыць?
Хто вашы ходы абшукае,
Бо ўсё сваю дарогу мае?
Я не зайздрошчу тым з вас, брацьці,
Каго спрадвечныя закляцьці
Не парушалі, не тамілі
І цяжкім каменем ня білі,
І для каго ўвесь гэты сьвет
Ёсьць аднае цялежкі сьлед,
Пытаньні толькі дабрабыту,
Дзе ўсё прыводзіцца к карыту,
І гэта ёсьць адна дарога,
Апроч яе, няма нічога.