Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/244

Гэта старонка была вычытаная

Правей вакзальныя харомы.
Антось зварочвае направа,
Ды йдзе на станцыю рухава.
Ўсё там кіпіць, бы ў час разрухі.
Снуюць служачыя, як мухі,
Гудуць, шумяць, бы ў вульлі пчолы,
І ходзяць шумна балаголы,
Каменацёсы з малатамі,
Таргоўкі бегаюць з кашамі.
У ліхтарох агні трапечуць;
Жыдкі крычаць, галдзяць, гергечуць
І б’юць у грудзі кулакамі,
Як-бы забіць хацелі Шмульку.
А дзядзька паліць сваю люльку,
Сядзіць, другую накладае
І свайго сябра выглядае.
— А, брат Антоні! — дзядзька чуе.
Глядзіць — аж Драка сам шыбуе,
Ідзе, ківае галавою
І газы пах нясе з сабою.
— Здароў, брат Доніс! — дзядзька рады,
Сябру ківае для парады:
— Скажы мне, браце, ці ня можна, —
Пры гэтым дзядзька асьцярожна
Прыгнуўся к Донісу, замяўся,
Ды Доніс зразу дагадаўся,
Што за патрэбу мае сябар, —
Дык ці ня можна-б мне… за хабар
Крыху паехаць на машыне?
— А вось пастой, хай люд адхлыне,
Кур’ерскі пройдзе, а тымчасам
Мы перамовімся з Уласам…
Спакойны будзь: мы ўсё абладзім,
Хоць на таварны, а пасадзім.
— Дык ты, брат, Доніс, пастарайся!
— Будзь пэўны, брат, не сумнявайся:
З казамі мы на торг пасьпеем. —
У гэты момант лютым зьмеем
Ляціць кур’ерскі. Задрыжалі
Ўсе шыбы ў вокнах на вакзале,
І ўвесь народ ураз мятнуўся,
І дзядзька наш не аглянуўся,