Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

— На бок вярнеце, дном у гору!
Палечым зараз, наш ты хворы! —
Да, чоўна дзядзька так зьвярнуўся
І каля яго ён завінуўся.
— Бярэце пакульле і сьпіцы…
Памчымся мы на ніз крыніцы,
Аж толькі вецер засьвідруе! —
Язду ўжо дзядзька тут смакуе.
— Вы шчыльна, шчыльна затыкайце!
Што наймацней, брат, забівайце!
Ды дружна, борзда канапаціць,
Каб час ня зводзіць і ня траціць.
Стары ўжо, падла, і трухлявы:
Увесь, як рэшата, дзіравы. —
Гаворыць дзядзька ў час работы,
Сабе, другім дае ахвоты.
Ідзе работа і размова —
І канапачаньне гатова.
Смалою трохі засмалілі
І на ваду чаўнок спусьцілі.
Але тут цесна, вады мала,
І дно аб землю шаравала.
А дзядзька хоча дзеля спробы
Дальш з гэтай выбрацца трушчобы:
Там, далей, рэчка не такая
І глыбіні даволі мае.
Праз плот чаўнок гуртом куляюць,
На ніз паволі прапіхаюць,
А дзядзька сам садзіцца ў човен.
«Плыве човен, вады повен,
Ды ўсё — хлюп! хлюп! хлюп!»
Сьпяваюць хлопцы і жартуюць
І дзядзьку з чоўнам дальш шыбуюць.
А дзядзька важны выгляд мае;
Замест вясла, прысок трымае,
А твар яго, як сонца, ясны,
Бо гэты човен — яго ўласны
І не цячэ ён а ні-ні;
Чаўнок, куды ні павярні.
І трэба ўсё-такі зазначыць —
Такой працэсьсі вам ня бачыць:
Алесь і Костусь човен пхаюць,