Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/97

Гэта старонка была вычытаная

Ні справы мець, ні спавядацца,
Ні слухаць лаянкі-пагрозы;
Але ні злосьць твая, ні сьлёзы,
Ні моцна шчэплены кулак
Ня зьменяць справы а ніяк —
Цярпі! чаму? датуль цярпеньне?
Калі канец яму, рушэньне?
Няўжо ўвесь век жыць з панскай ласкі
І перад ім чуць абавязкі?
І слугаваць яму, скарацца
І ў тры пагібелі згінацца?
Адказ адзін: няма, брат, ходу,
Хоць з мосту кідайся ты ў воду:
Няма зямлі свае і хаты,
І мусіш гнуцца, як пракляты,
Бо ты ні мяса і ні рыба.
Ідзе Міхал, прад ім сяліба,
Засьценак добра так знаёмы,
І хоць няважныя харомы
Тут гэта шляхта збудавала,
Але жыве і гора мала!
Хоць шляхціц цёмны, як саган,
Затое-ж сам сабе ён пан:
Паноў лясьнічых знаць ня знае,
Прад імі сьпіны ня згінае:
Пад бокам паша, агароды
І лес, і поле — ўсе выгоды.
Міхал зірнуў і пазайздросьціў:
Чаму й ня ён між ягамосьцяў:
Нядзелька, сьвята — людзі вольны,
Свая ахвота, свой дазвол,
На рынак едуць, хто ў касьцёл,
Як гэты Людвік багамольны,
А хто пагульвае так дома:
А ты, вось, совайся, як бома,
Ды бойся ліха і падкусу —
Ня ступіш кроку бяз прымусу.
За горкай панская пасада,
Як у вяночку, каля саду
Ў глыбі прасторнага дзядзінца
Стаяла, збоку ад гасьцінца.
Будынак, парк і агарожа —