Старонка:Paltava.pdf/14

Старонка праверана

Яго кучматыя сівіны,
Яго глыбокія маршчыны,
Яго бліскучы зрок-пагляд,
Яго размоў падступных чад
Табе за ўсё, за ўсё дарожай —
490 І маці ты забыць магла,
І за спакуслівае ложа
Ты родны дом свой аддала.
Сваімі дзіўнымі вачамі
Цябе старык прычараваў,
Сваімі ціхімі славамі
Тваё сумленне пахаваў.
Ты на яго ў зачараванні
Узводзіш свой аслеплы зрок,
Табе ў зняслаўленым каханні
500 Салодкім стаўся горкі сок.
Ты ў безразважным захапленні
Ім як цнатлівасцю гарда.
Прыгожасць дзеўчага стыда
Ты страціла ў сваім падзенні...

Што погалас? што сорам ёй?
Што для яе людскія словы,
Калі ён, гетман сам суровы,
Прад ёю нікне галавой,
Калі ён з ёю забывае
510 І свайго лёсу клопат, шум,
Ці тайнасць смелых, грозных дум
Ёй, кволай дзеўчы, адкрывае?
І дзён нявінных не шкада,
Ды сэрца ёй адна нуда
Падчас, як хмара, зацямняе:
Яна панылых прад сабой
Айца і матку уяўляе;
Яна праз слёзы бачыць іх,
У горкай старасці адных,
520 І нібы скаргі іх чытае.
О, калі б ведала яна
Аб тым, што знала ўся Украйна!
Ды ад яе яшчэ адна
Захована ліхая тайна.