Старонка праверана
Марыя
І ты пытаеш?
Мазепа
Скажы: табе хто даражэй —
Ці муж ці бацька?
Марыя
100 Пажалей.
Нашто пытаеш так? Трывожыць
Пытанне гэтае. Сям'ю
Забыць стараюся маю,
Я стала ёй ганьбой. Быць можа
(І думаць страшна мне аб тым!)
Айцом я проклята сваім,
А за каго?
Мазепа
Дык я дарожай
Табе айца? Маўчыш?..
Марыя
О Божа!
Мазепа
Адказвай жа!
Марыя
Рашы ты сам...
Мазепа
Паслухай: ну, вось калі б нам,
Яму ці мне, прыйшлося згінуць,
А ты суддзёй бы нам была,
Каго б ў ахвяру аддала,
Каго хацела б ты пакінуць?
Марыя
Ах, годзе! Сэрца не згрызай!
Спакуснік ты.