Старонка:Paulinka.pdf/23

Гэта старонка была вычытаная

——— 21 ———


СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА (зьдзівіўшыся). Ай-я-я! Аж на паветры касьцёл вязуць!..

АГАТА. Але-ж, але! Тудэма-сюдэма, я сама на свае вушы чула.

СЬЦЯПАН. Во калі пашло ўсё ўверх нагамі. Як паставяць гэты спранжыновы касьцёл, то можна будзе спадзявацца і для нашага брата якога-такога палягчэньня. Дзякуй Богу, дзякуй Богу!!. А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая — сакатушка, сплуталася з гэтым… з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ей вар на галаву лі.

ПРАНЦІСЬ. Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы ня шкодзіла-б, пане добрудзею.

АЛЬЖБЕТА. Дужа трудна паладзіць з цяперашняй моладзьдзю. Пашло такое распуства на сьвеце, што ня дай Божа! Заместа кніжак да набаженства — чытаюць нейкія дрындушкі. Вецер ува ўсіх па галаве ходзе. Гэта-ж мне калісь сказалі: ідзі за Сьцяпана, — я і пашла бяз ніякай спрэчкі са сваімі старымі.

Агата. А так, так, тудэма-сюдэма! І мой, як ка мне пасватаўся, бацька нябожчык і кажа: ідзі, бо ўсё роўна ніхто цябе лепшы ня возьме; я падумала, тудэма-сюдэма, ну і пашла. (Глядзяць абедзьве на сваіх мужоў, пасьля — адна на адну, плююць кожная ў другі бок і разглядаюць ізноў клумкі).

ПРАНЦІСЬ. Так, так, пане добрудзею, іначай калісь было. (Дастае фляжку і п’е, а посьле дае Сьцяпану). Собственно, глупство, вось-цо-да, было, а ты сват выпі, каб тое, што было, у памяці не сядзела. (Сцяпан п’е, Пранцісь прыдзержывае за фляжку, каб той залішне ня выпіў).