Старонка:Pershyja kroki 1925.pdf/5

Гэта старонка не была вычытаная

А сябры яго, каторыя хадзілі да школы, шмат расказвалі яму пра яе цікавага. Па іх расказе і школа і сам вучыцель зусім ня былі страшныя, як то ўсьпела ўжо злажыцца ў галаве Міхася. І ён сам на свае вочы бачыў кніжкі з усякімі малюнкамі, на каторых вучыліся хлопцы. Страх як хацелася яму мець такую кніжку. А як дастаць? Трэба йсьці да школы: там толькі і можна дастаць кніжку. А дома пра школу і пра вучыцеля нагаварылі яму такіх страхаў, што Міхась, здалёк убачыўшы настаўніка на вуліцы, бег, як мага, на агароды, у каноплі.

Што-ж? а мо' вучыцель ведае, што ён добры жэўжык, ахвотнік падурэць, пакруціцца ці забегчы часамі ў чужы агарод або сад. Чуў Міхасць за сабою гэтыя грахі і доўга сачыў вачамі з канапель, покі не схаваецца вучыцель з відавоку.

II.

Прышла восень. Асыпаліся лісьці з дрэў, агалілася зямля. Птушкі разьляцеліся. Насталі кароткія, туманныя, асеньнія дні.

У нядзельку, прышоўшы з цэрквы, сказаў Міхасёў бацька:

"Заўтра пачынаецца вучэньне. Пара і нашаму Міхасю садзіцца за лемантар... Годзі, брат, табе бібікі біць, ганяць сабак па вуліцы, пара і за навуку!"

Апошнія словы бацька сказаў да Міхася.

Задрыжэлі ўсе жылкі ў Міхася. Цэлы рой думак разам пранёсься ў яго галаве.

"Што-ж?" падумаў ён сам сабе: "вучыцца - дык вучыцца!"