Старонка:Pershyja kroki 1925.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

Яму даўно хацелася ў школу, толькі баяўся ён настаўніка, баяўся за свае вушы. Ён думаў, што ў школе яго першаю справаю аддзяруць, як ката.

— Тата! ці б’ецца настаўнік? — спытаў не бяз трывогі Міхась бацьку.

— Як будзеш дурэць у школе, ня будзеш слухаць вучыцеля, будзеш ленавацца вучыцца, то і будзе біць, ды і я сам не пахвалю цябе за гэта.

«Ну, не, брат, дудкі!» падумаў Міхась: «дурэць то я ня буду, а вось старацца дык буду».

І ў Міхася як камень зваліўся з сэрца.

Назаўтра ўстаў ён рана. Залатала матка яго сярмягу, ушыла гузікі; бацька справіў яму лапцікі.

Умыўся Міхась старанна, нават у вуха ўлажыў разоў са два пальцы, каб выкалупаць адтуль гразь (Бацька ня раз гаварыў яму, глянуўшы на яго вушы: «Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сей!»).

Пасьнедаўшы на скорую руку і ўзяўшы ў вадну кішэню лусту хлеба, у другую жмень тры гароху, Міхась памкнуўся ўжо йсьці.

«Глядзі-ж, сынок!» спыніў яго бацька: «слухай вучыцеля, бо нявучаны — усё роўна, як сьляпы; а граматны чалавек нідзе не прападзе. Каб я з маткаю цешыліся з цябе… Дык глядзі-ж, сынок, ня траць дарма часу!»

Гэтыя простыя бацькавы словы разжалабілі Міхася, бо ў яго было добрае і мякаае сэрца.

У яго нават паказаліся на вочках сьлёзы…

Абцёршы твар рукавом сярмяжкі, ён вышаў з хаты і пабег у школу.